NEW YORK CITY | PART 1
25 photos
September-October 2014
Пяніца, 19 верасня. Першы вечар нашага 3-х тыднёвага падарожжа ў Нью-Ёрк. Мы былі неверагодна стомленыя пасля пералётаў і праходжання сек’юрыці і былі ўпэўненыя, што прыездзем у кватэру, у якой мусілі жыць – і адразу ляжам спаць. Дом знаходзіўся на набярэжнай, у раёне LIC, на поўдні Нью-Ёркскага раёна Queens. А гэта значыць – з такім выглядам мы засыналі і прачыналіся кожны дзень.
Вельмі важна прыехаць у горад і адразу пагрузіцца ў правільную атмасферу. Яна задае тон усяму падарожжу. І я нават не магу ўявіць, што можа быць лепшым за такі пачатак у Нью-Ёрку. Гэтыя віды і гэты стан першага спаткання з горадам не забываюцца ніколі і застаюцца ў сэрцы.
Калі мы прыехалі на таксоўцы і азірнуліся навокал – нават і думкі не было спаць. Кінуўшы рэчы, адразу выбеглі з дому да ракі гуляць. Мы яшчэ не маглі ўявіць, наколькі тлумны Манхэттан на нас пазірае з таго боку і наколькі спакойным аказаўся раён нашага пражывання. Вяртацца сюды кожным вечарам з манхэттанскага тлуму было неверагодна прыемна. На гэтай набярэжнай ніколі не было людна. Толькі мясцовыя жыхары, якія выйшлі на прабежку са сваімі сабакамі ці прыйшлі пачытаць газету, прагуляцца і адпачыць. Звычайна мы ішлі ў краму, я набывала сабе свежыя маліны, і мы кіраваліся ў бок лежакоў, каб прыйсці ў сябе і назіраць за захадам сонца.
Усе фотаздымкі з гэтага паста зробленыя ў вечар прыезду.